«ПОЛЯ́РНАЯ ЗВЕЗДА́»,
рускія літ. альманахі 19 ст. 1) літ. альманах, легальны орган дзекабрыстаў. Выдаваўся ў 1823—25 у Пецярбургу А.А.Бястужавым і К.Ф.Рылеевым. Выйшлі 3 кнігі. У ім друкавалі свае творы А.Пушкін, А.Грыбаедаў, І.Крылоў, В.Жукоўскі, Я.Баратынскі, В.Кюхельбекер, Ф.Булгарын і інш., літ. крытычныя арт. Бястужава. Перастаў існаваць у сувязі з паўстаннем 14.12.1825.
2) Літ.-паліт. альманах Вольнай рус. друкарні, які выдаваў А.Герцэн (з 1856 разам з М.Агаровым). У 1855—62 у Лондане выдадзена 7 кн., у 1868 (на 1869) у Жэневе 8-я кн. Назва, малюнак на вокладцы профіляў 5 пакараных смерцю дзекабрыстаў, эпіграф «Няхай жыве розум!», змест зборнікаў сведчылі аб пераемнасці традыцый дзекабрыстаў. На старонках «П.з.» надрукаваны ўспаміны дзекабрыстаў, асобныя творы Пушкіна, М.Лермантава, В.Бялінскага, М.Някрасава, Герцэна, Агарова. Тайнымі карэспандэнтамі ў Расіі былі амнісціраваныя дзекабрысты І.Дз.Якушкін, М.А.Бястужаў, М.І.Мураўёў-Апостал, а таксама І.Тургенеў, І.Аксакаў і інш. «П.з.» выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, адыграла вял. ролю ў развіцці грамадскай думкі і л-ры ў Расіі.
Публ.: Полярная звезда. М.; Л., 1960; Полярная звезда: Журнал А.И.Герцена и Н.П.Огарева: [Факс. изд.]. Вып. 1—9. М., 1966—68.
т. 12, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)